Помнікі звязаныя не толькі з гісторыяй і культурай. Помнікі бываюць і ў прыроды. Галоўнай адметнай прыроднай рысай крэўскай зямлі з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці геалагічных помнікаў – валуноў. На тэрыторыі крэўскай зямлі зназодзіцца 6 валуноў – помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння і ўзгорак «Мілідаўская гара». Як яны апынуліся на нашай зямлі?
Шмат гора зведалі жыхары Крэва на сваёй роднай неўрадлівай зямельцы, шчодра ўсеянай валунамі. «Камення тут столькі, што сам чорт ногі скруціць», – бурчэлі яны і верылі, што без нячыстай сілы тут не абышлося. Ёсць легенда, у якой апавядаецца, што камяні наўмысна раскідаў чорт, каб дапячы богу. Паводле іншай легенды, гэтыя камяні нашпурлялі волаты ў час палявання, будаўніцтва, войнаў. Некаторыя казалі, што вялікія камяні, нібы бульба, выраслі з маленькіх, або вылезлі з зямлі, як грыбы. У 70-ыя гады XIX ст. пасля даследавання раёнаў сучаснага зледзянення вучоныя розных краін амаль адначасова прыйшлі да высновы, што вінаватыя ў з’яўленні дзіўных камянёў старажытныя ледавікі. Так было канчаткова высветлена, што валуны ў наш край былі занесены ледавіком.
Самым першым геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння ў мікрараёне нашай школы стаў Грывень-камень (1971 год).
1.1 Валун «Грывень-камень»
Грывень-камень размешчаны за 3 км на паўночны ўсход ад в. Вавукі, на 28-м км дарогі Лебедзева – Крэва. Форма нагадвае вясковае гумно, да нізу пашыранае, што сведчыць аб яго вялікіх памерах, схаваных у зямлі. Колер цёмны. Уся паверхня пакрытая імхом. Склад – граніт-рапаківі.
Яшчэ 5 валуноў у нашай мясцовасці і ўзгорак «Гара Мілідаўская» былі аб’яўлены геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння ў 2008 годзе, аб чым сведчыць Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
1.2 Валун «Вялікі камень» крэўскі
Валун «Вялікі камень» крэўскі размешчаны на паўночна-ўсходняй ускраіне в. Крэва, за 300 м на ўсход ад галоўнай вуліцы каля рэчкі Крэўлянка. Валун ружовага граніту-рапаківі з крышталямі палявога шпата. На паверхні растуць імхі і лішайнікі.
1.3 Валун «Вялікі камень» асанаўскі
Валун «Вялікі камень» асанаўскі ружовага колеру з граніту-рапаківі. Па дадзеных даследчыкаў, глыба прынесена ледавіком з тэрыторыі Заходняй Фінляндыі каля 130-150 тысяч гадоў назад у час ашмянскай стадыі сожскага зледзянення, вага прыблізна 56 тон.
1.4 Валун «Вялікі камень» палтараўшчынскі
Валун «Вялікі камень» палтараўшчынскі размешчаны за 500 м на захад ад вытока рэчкі Мірклішка, на лузе ў в. Палтараўшчына. Валун цёмна-шэрага колеру. Па дадзеных даследчыкаў з гнейсу. У пародзе выдзяляюцца жылкі белага кварца і ружовага палявога шпата. З паўночнага боку глыба больш масіўная, цёмная, паросшая імхамі, з паўднёвага – буйнакрышталічная.
1.5 Валун «Козі камень Ядзвігаўскі»
Валун «Козі камень Ядзвігаўскі» знаходзіцца за 6 км ад в. Крэва. ва ўсходняй частцы хутара Прыгодскіх. Па легендзе, на яго заскочыла каза і такім чынам уратавалася ад ваўкоў. Валун шэра-чырвонага колеру з пегманітавага буйназярністага граніту.
1.6 Валун «Камяніцкі»
Ляжыць у цэнтры в. Камяніца. Па дадзеных даследчыкаў валун з ружовага дробназярністага граніту з шэрым кварцам і біятытам. Парода падобная да гранітаў з наваколля Борга (Швецыя).
Протяженность маршрута составляет 7 км.
Контакты: +375 29 639-51-27